Перайсьці да зьместу

Венская біржа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 48°12′37″ пн. ш. 16°21′58″ у. д. / 48.21028° пн. ш. 16.36611° у. д. / 48.21028; 16.36611

«Венская біржа»
ням. Wiener Börse
Тып фондавая
Разьмяшчэньне Вена, Аўстрыя
Заснаваная 1 верасьня 1771 (253 гады таму)[1]
Ключавыя асобы Гаймо Шойх[2], Крыстаф Бошан[3]
Валюта эўра
Колькасьць лістынгаў 812 (2021 год)
РынКап 119,43 млрд эўра (2021 год)
Аб'ём 68,782 млрд эўра (2020 год)[4]
Індэксы «АГэкс», «АГэкс Прайм»
Сайт wienerborse.at

«Ве́нская бі́ржа» (славен. Dunajska borza) — фондавая біржа Аўстрыі, заснаваная ў верасьні 1771 году.

На 2021 год месьцілася ў акрузе Ўнутраны горад на вуліцы Вальнэра, д. 8[5]. Управа налічвала 11 аддзелаў: 1) кадраў, 2) карпаратыўных зносін і маркетынгу, 3) фінансавы, 4) эмітэнтаў і продажу рынкавых зьвестак, 5) інфармацыйных тэхналёгіяў і кіраваньня абсталяваньнем, 6) інфармацыйных праектаў і разьвіцьця, 7) прававы, 8) лістынгу і індэксаў, 9) рынкавых зьдзелак і нагляду, 10) продажаў удзельнікаў і разьвіцьця занятасьці, 11) стасункаў з грамадзкасьцю, фінансавай пісьменнасьці і падзеяў[6]. Ва ўласнасьці «Венскай біржы» знаходзіліся: «Праская біржа каштоўных папераў» (Чэхія, 99,54 % паёў), 50 % паёў «Галоўнага контарагента Аўстрыі», 25,12 % паёў «Аўстрыйскай біржы току», 20 % паёў «Сярэдне-Эўрапейскага газавага вузла», 10 % «Аўстрыйскага энэргаклірынгу і разьліку» і 5 % «Аб'яднаных паслугаў і рынкавых зьдзелак клірынгу». Сама «Венская біржа» на 52,59 % належала аўстрыйскім банкам і на 47,41 % прадпрыемствам, чыімі паямі гандлявалі на біржы[7]. Рынкавая капіталізацыя біржы складала 119,43 млрд эўра. Сярод 71 брокерскага дому 45 былі замежнымі, на якія прыпадала 80 % гандлю. На біржы гандлявалі паямі 812 прадпрыемстваў, 6682 выпускамі аблігацыяў, 1373 апцыёнамі, 7490 пасьведчаньнямі і паямі 116 біржавых фондаў. Таксама «Венская біржа» пастаўляла зьвесткі 11 іншым біржам і вылічала звыш 140 індэксаў[8].

На 2021 году акцыянэрны капітал «Венскай біржы» складаў 18,6 млн эўра. Яго ўласьнікамі былі 52 пайшчыкі. Пры гэтым, 52,59 % паёў належала аўстрыйскім банкам, а 47,41 % —прадпрыемствам, чыімі паямі гандлявалі на біржы. Найбольшымі 10-ю пайшчыкамі былі: 1) «Унікрэдыт-банк Аўстрыі» — 13,3 %, 2) «Першы банк» — 11,2 %, 3) «Венская страхавая група» — 8,5 %, 4) «Венская страхавая група» — 8,5 %, 5) «Міжнародны Райфайзэнбанк» — 6,9 %, 6) «Аўстрыйскі кантрольны банк» — 6,6 %, 7) Страхавая група «Уніка» — 6,6 %, 8) «Энэргазабесьпячэньне Ніжняй Аўстрыі» (Марыя-Энцэрсфорд, Мёдлінская акруга) — 4,6 %, 9) «Аб'яднаная аўстрыйская жалезаплавільня і сталеліцейня Альпаў» («ААЖС Альпаў») — 3,8 %, 10) «Венэрбэргэр» — 3,7 %[9].

На 2021 год плата за афіцыйны гандаль паямі на «Венскай біржы» для прадпрыемства складала 0,01 % ад рынкавай вартасьці за папярэдні год. На шматбаковай гандлёвай пляцоўцы (ШГП) без рынкаўтваральніка плата складала 2500 эўра. За допуск да афіцыйнага гандлю бралі 0,01 % рынкавай вартасьці, а на ШГП 0,05 % і 5000 эўра[10].

На 2021 год на «Венскай біржы» налічвалася 16 рынкаўтваральнікаў, зь іх 14 замежных, у тым ліку 5 зь Нямеччыны: банк «Баадэр» (Унтэршляйсгайм, зямля Баварыя, Нямеччына), «Цэнтрабанк Райфайзэн», холдынг «Першы банк», прыватныя банкіры «Гаўк і Аўфгаўзэр» (Франкфурт-на-Майне, зямля Гэсэн, Нямеччына), «Хртэў» (Ірляндыя), «ІЦФ-банк» (Франкфурт-на-Майне), «Кэплер-Шэўро» (Францыя), банк «Бэрэнбэрг» (Гамбург, Нямеччына), гандлёвы цэнтар «Лянг і Шварц» (Дусэльдорф, зямля Паўночны Райн — Вэстфалія, Нямеччына), Бэрлінска-франкфурцкі гандлёвы банк «Одо» (Францыя), Міжнародная група «Сускэхана» (Бала Кэнвід, штат Пэнсыльванія, ЗША), «Агульнае таварыства» (Францыя), «Таўэр Рэсэрч Капітал Эўропы» (Амстэрдам, Нідэрлянды), «Фінансавы Вірту Ірляндыі», «Ўуд і кампанія» (Чэхія) і «Рынкі ХТХ» (Ангельшчына)[11]. Рынкаўтваральнікі штомесяц цягам 80 % часу ад 9:00 да 17:30 падаюць заяўкі на куплю і продаж паёў адпаведна расцэнкам з адхіленьнем да 3 % ад папярэдняга дня[12]. Збор за імгненны гандаль паямі і аблігацыямі складаў 0,02 % ад вартасьці каштоўных папераў[13]. На біржы налічвалася 58 брокерскіх дамоў, зь іх 35 замежных[14].

На 2021 год «Венская біржа» разьлічвала 147 індэксаў, зь якіх 108 для краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, а таксама Садружнасьці незалежных дзяржаваў:

  • 39 індэксаў для Аўстрыі, зь іх 8 агульнакраёвых, 5 галіновых і 26 прадметных[15];
  • 64 індэксы для краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, зь іх 15 міжнародных, 28 краёвых, 7 галіновых і 14 прадметных[16];
  • 44 індэксы для краінаў Садружнасьці незалежных дзяржаваў, зь іх 20 краёвых, 13 галіновых і 11 прадметных[17].

1 верасьня 1771 году імпэратрыца Сьвятой Рымскай імпэрыі Марыя Тэрэзія заснавала «Венскую біржу» для продажу дзяржаўных аблігацыяў, вэксаляў і гандлю валютай. Пасярэднікі атрымлівалі камісійны збор за бесьперабойны гандаль. Біржу разьмясьцілі на Капусным рынку, д. 12 (цяпер д. 16). У ХІХ стагодзьдзі «Венская біржа» месьцілася ў Палацы Дытрыхстайнаў на Малой плошчы, д. 3 і ў Палацы Фэрстэля на Гаспадарскай алеі, д. 14 (цяпер Галоўная кавярня). У 1818 годзе Аўстрыйскі нацыянальны банк стаў першым акцыянэрным таварыствам, якое разьмясьціла свае паі на «Венскай біржы». 3 траўня 1842 году на біржу выйшла «Паўночная чыгунка» аўстрыйскага імпэратара Фэрдынанда І. 10 чэрвеня 1842 году свае паі разьмясьціла «Будзеёвіцка-Лінцка-Гмундэнская чыгунка». 1 траўня 1843 году на біржу выйшла «Венска-Глогніцкая чыгунка». 1 студзеня 1855 году набыў моц новы Закон «Аб біржы», паводле якога стварылі Біржавую палату з 18 чалавек для кіраваньня «Венскай біржай». Свае паі на біржы выпусьціла «Крэдытная ўстанова для гандлю і промыслу», якая стала адным з акцыянэрных банкаў, што заняліся гандлем каштоўнымі паперамі. У выніку іх сталі набываць замежныя ўкладальнікі. У 1869 годзе на біржу выйшлі «Агульнааўстрыйскае будаўнічае таварыства» і цагельня «Венэрбэргэр». У 1863 годзе 1-м замежным прадпрыемствам на біржы стала «Таварыства Суэцкага каналу». У 1865 годзе першыя замежныя аблігацыі разьмясьціла «Турэцкая чыгунка». Калі «Франкфурцкае банкаўскае аб'яднаньне» падало заяўку на разьмяшчэньне аблігацыяў, Палата «Венскай біржы» зацьвердзіла правілы аб допуску замежных каштоўных папераў[18].

У 1873 годзе паводле тых правілаў разьмясьцілі італьянскія аблігацыі. 9 траўня 1873 году каля паловы акцыянэрных таварыстваў выключылі з гандлю на біржы праз выяўленьне іх разарэньня. 1 красавіка 1875 году зацьвердзілі новы Закон «Аб біржы», які з папраўкамі дзейнічаў 114 гадоў да 1989 году. У 1877 годзе «Венская біржа» пераехала ў будынак на Шотэнскім кальцы, спраектаваным Тэафілам Гансэнам. У ліпені 1914 году біржу зачынілі ў сувязі з пачаткам Першай сусьветнай вайны. У сьнежні 1919 году «Венская біржа» аднавіла сваю дзейнасьць. У сакавіку 1938 году біржа прыпыніла працу праз далучэньне да Нямеччыны. У красавіку 1938 году жыдоўскія банкі Аўстрыі перадалі пад кіраваньне «Разьлікова-касавага аб'яднаньня». У ліпені 1938 году аўстрыйскіх жыдоў выключылі з удзелу ў «Венскай біржы». У лістападзе 1948 году на біржы аднавілі афіцыйны гандаль. У ліпеня 1949 году на біржы разьмясьцілі дзяржаўныя аблігацыі адбудовы Аўстрыі. 13 красавіка 1956 году пажар зьнішчыў біржавую залю. У сьнежні 1959 году адбудаваны будынак біржы адчынілі. У 1968-м стварылі «Венскі біржавы індэкс» («ВБІ»), які складаўся з паёў усіх прадпрыемстваў рэгуляванага рынку біржы. У 1985 годзе амэрыканскі ўкладальнік Джым Роджэрз выклікаў бычыны рынак на «Венскай біржы», калі высока ацаніў магчымасьць аўстрыйскага рынку капіталу. У 1987-м празь біржу прыватызавалі некалькі дзяржаўных прадпрыемстваў, у тым ліку «Аўстрыйскую ўправу мінэральнай алівы». У 1988-м так прыватызавалі «Аўстрыйскія авіялініі» і вытворцу электрычнасьці «Спалучэньне». У 1989 годзе на біржы прыватызавалі «Энэргазабесьпячэньне Ніжняй Аўстрыі» (Марыя-Энцэрсфорд, Мёдлінская акруга) і зацьвердзілі новы Закон «Аб біржы». Таксама ў 1989 годзе ўкаранілі «Часткова аўтаматызаваную гандлёвую сыстэму» («ЧАГС»)[18].

У 1991 годзе абнародавалі «Аўстрыйскі гандлёвы індэкс» («АГэкс»), які ўлучыў 20 найбольшых прадпрыемстваў паводле рынкавай капіталізацыі паёў у вольным абарачэньні. Таксама стварылі даходны індэкс «АГэкс СД» з улікам дывідэндаў. У 1996-м на касавым рынку біржы ўвялі «Электронную сыстэму расцэнак і заказаў» («ЭСРЗ»). У сьнежні 1997 году Палату «Венскай біржы» пераўтварылі ў акцыянэрнае таварыства, злучыўшы з «Аўстрыйскай біржай ф'ючарсаў і апцыёнаў». У выніку біржа стала аказваць паслугі дэпазытарыя, вылічэньня індэксаў і рассылкі рынкавых зьвестак. У студзені 1998 году «Венскую біржу» перамясьцілі ў памяшканьне «Аўстрыйскага кантрольнага банку» на Хмызьняковай алеі, д. 1-3 і вуліцы Вальнэра. У 1999 годзе ўкаранілі «Біржавую электронную гандлёвую сыстэму» («БЭГС»), распрацаваную «Нямецкай біржай» (Франкфурт-на-Майне, зямля Гэсэн). Паводле Закону «Аб паглынаньнях», у 1999-м стварылі Камісію паглынаньняў, якая дазволіла меншасьці пайшчыкаў выйсьці з акцыянэрнага капіталу пры зьмяненьні ўласьніка кантрольнага пакету паёў прадпрыемства на біржы. За наступныя 20 гадоў адбылося 87 адпаведных мерапрыемстваў з удзелам Камісіі паглынаньняў. У 2002 годзе біржу перанесьлі з Палац Капрараў на вуліцы Вальнэра, д. 8. У студзені 2002 году стварылі першасны рынак біржы. У сакавіку 2002 году пачала дзейнасьць «Аўстрыйская біржа току». 1 красавіка 2002 году набыў моц Закон «Аб Управе нагляду за фінансавым рынкам», якая атрымала паўнамоцтвы ў галіне каштоўных папераў і пэнсійных фондаў, банкаўскай справы і страхаваньня. 2 жніўня 2004 году «Венская біржа» і «Аўстрыйскі кантрольны банк» заснавалі «Галоўнага контарагента Аўстрыі», які са студзеня 2005 году стаў весьці разьлікі ўсіх біржавых зьдзелак на касавым і тэрміновым рынках між пакупнікамі і прадаўцамі[18].

У 2004 годзе «Венская біржа» набыла кантрольны пакет паёў «Будапэшцкай фондавай біржы» (Вугоршчына). У 2008 годзе заключылі пагадненьне аб набыцьці 81,01 % паёў «Люблянскай біржы» (Славенія), а таксама 99,54 % паёў «Біржы каштоўных папераў Прагі» (Чэхія). У 2009 годзе для разьліку індэксаў на набытых біржах стварылі АТ «Холдынг фондавых біржаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы». У 2010-м набылі 20 % паёў АТ «Сярэдне-Эўрапейскі газавы вузел» («СЭГВ»). Да 2012 году «Венская біржа» ўкараніла «Біржавую электронную гандлёвую сыстэму» («БЭГС») на біржах свайго холдынгу. У 2015 году паі «Будапэшцкай фондавай біржы» і «Люблянскай біржы» прадалі. 31 ліпеня 2017 году перайшлі на пераемную гандлёвую сыстэму «Т7». У 2017 годзе «Банк працы і гаспадаркі» разьмясьціў паі на 1,93 млрд эўра, што стала найбольшым першасным разьмяшчэньнем паёў на «Венскай біржы». У 2019-м для малых прадпрыемстваў стварылі наўпроставы рынак біржы. На 2020 год «Венская біржа» вяла каля 150 індэксаў з удзелам прадпрыемстваў Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы, а таксама Садружнасьці незалежных дзяржаваў, якія служылі асновай для больш як 140 біржавых фондаў[18]. У 2020 годзе абарачэньне біржы склала 68,782 млрд эўра, зь якіх 94 % прыпала на першасны рынак[4]. На 2021 год сусьветны рынак «Венскай біржы» налічваў каля 720 каштоўных папераў зь біржаў 26 краінаў. Пагадненьні аб супрацы заключылі зь 11 біржамі 10 краінаў Эўропы — «Баня-Луцкай біржай» (Рэспубліка Сэрбская, БіГ), «Баўгарскай фондавай біржай» (Сафія), «Бялградзкай біржай» (Сэрбія), «Будапэшцкай фондавай біржай» (Вугоршчына), «Бухарэсцкай фондавай біржай» (Румынія), «Заграбскай біржай» (Харватыя), «Люблянскай біржай» (Славенія), «Македонскай біржай» (Скоп'е), «Першай фондавай гандлёвай сыстэмай» («ПФГС», Кіеў), «Сараеўскай біржай» (Босьнія і Герцагавіна) і «Чарнагорскай біржай» (Падгорыца). Таксама такія пагадненьні дзейнічалі зь біржамі 2-х краінаў Азіі — «Казахстанскай фондавай біржай» (Алматы) і «Біржай Стамбулу» (Турэччына)[18].

  1. ^ Гісторыя Венскай біржы (анг.) // ТАА «Кракаўэр», 2021 г. Праверана 13 траўня 2021 г.
  2. ^ Назіральная рада (ням.) // АТ «Венская біржа», 2021 г. Праверана 13 траўня 2021 г.
  3. ^ Управа (ням.) // АТ «Венская біржа», 2021 г. Праверана 13 траўня 2021 г.
  4. ^ а б Месячная статыстыка за студзень 2021 году (ням.) // АТ «Венская біржа», люты 2021 г. Праверана 13 траўня 2021 г.
  5. ^ Кантакт (ням.) // АТ «Венская біржа», 2021 г. Праверана 13 траўня 2021 г.
  6. ^ Аддзелы і супрацоўнікі (ням.) // АТ «Венская біржа», 2021 г. Праверана 13 траўня 2021 г.
  7. ^ Удзел (ням.) // АТ «Венская біржа», 2021 г. Праверана 13 траўня 2021 г.
  8. ^ У лічбах (ням.) // АТ «Венская біржа», 2021 г. Праверана 13 траўня 2021 г.
  9. ^ Акцыянэрная будова (ням.) // АТ «Венская біржа», 2021 г. Праверана 13 траўня 2021 г.
  10. ^ Зборы за акцыі і правы ўдзелу (ням.) // АТ «Венская біржа», 2021 г. Праверана 13 траўня 2021 г.
  11. ^ Абавязкі адмыслоўца і рынкаўтваральніка (ням.) // АТ «Венская біржа», 2021 г. Праверана 13 траўня 2021 г.
  12. ^ Сыстэма рынкаўтварэньня (ням.) // АТ «Венская біржа», 2021 г. Праверана 13 траўня 2021 г.
  13. ^ Збор за зьдзелкі на безакдладным рынку (ням.) // АТ «Венская біржа», 2021 г. Праверана 13 траўня 2021 г.
  14. ^ Сьпіс сябраў (ням.) // АТ «Венская біржа», 2021 г. Праверана 13 траўня 2021 г.
  15. ^ Аўстрыйскія індэксы (ням.) // АТ «Венская біржа», 2021 г. Праверана 13 траўня 2021 г.
  16. ^ Індэксы ЦУЭ (ням.) // АТ «Венская біржа», 2021 г. Праверана 13 траўня 2021 г.
  17. ^ Індэксы СНД (ням.) // АТ «Венская біржа», 2021 г. Праверана 13 траўня 2021 г.
  18. ^ а б в г д Гісторыя (250 гадоў) (ням.) // АТ «Венская біржа», 2021 г. Праверана 13 траўня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]